ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ II (? — 11.12.1610),

самазванец, які выдаваў сябе за рас. царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV, што быццам бы выратаваўся пасля маскоўскага паўстання 1606. Стаўленік Рэчы Паспалітай. Асоба І. II не высветлена. Магчыма, быў прыбліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве; паводле інш. звестак — паповіч, настаўнік у Шклове. Улетку 1607 з’явіўся ў Старадубе. З атрадамі шляхты, данскіх казакоў зімой прыйшоў у Арол, летам 1608 падышоў да Масквы, заняў с. Тушына (адсюль мянушка «Тушынскі злодзей»), дзе сфарміраваў урад з рус. баяр і дваран з мітрапалітам Філарэтам, які быў прызначаны патрыярхам. Фактычна тушынскі лагер узначальвалі Я.Сапега, М.Ражынскі, Лісоўскі. Да восені 1608 І. II кантраляваў раёны на Пн, У і ПнЗ ад Масквы. Наступленне аб’яднанага руска-шведскага войска вымусіла І. II у снеж. 1609 збегчы ў Калугу. У ліп. 1610 беспаспяхова спрабаваў захапіць Маскву, адступіў у Калугу, дзе быў забіты касімаўскімі татарскімі князямі за забойства ім царэвіча Ураз-Мухамеда (васала рус. цара). Прыхільнікі І. II абвясцілі царом яго сына Івана Дзмітрыевіча, рэшткі тушынскага войска ўзначаліў І.М.Заруцкі.

Літ.:

Соловьев С.М. Соч. Кн 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. М., 1997.

А.П.Грыцкевіч.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)